ГА́ЗАВЫ РУХАВІ́К,

рухавік унутр. згарання, які пераўтварае хім. энергію газаў (у т. л. сціснутых і звадкаваных) у мех. энергію. Бывае з іскравым запальваннем і з запальваннем сумесі вадкім палівам (гл. Газавадкасны рухавік). Генератарны газ для газавага рухавіка атрымліваюць у газагенератарах. Стацыянарныя газавыя рухавікі выкарыстоўваюцца на металург. з-дах, у нафтавай і газавай прам-сці, на электрастанцыях. Іх магутнасць да 15 МВт, ккдз 0,42. Транспартныя газавыя рухавікі ўстанаўліваюць на суднах, газагенератарных аўтамабілях і газабалонных аўтамабілях. Перспектыўнае выкарыстанне (асабліва для аўтамабіляў) вадароду, які пры згаранні ў сумесі з паветрам утварае малатаксічныя газы.

т. 4, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)